Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 39 из 146



Сiвы генерал, а можа, мiнiстр - не было асаблiва часу Мiколку даведацца дасканала пра ўсё, - трымаючы над Мiколкам пiсталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузiкаў,да цвiкоў. Ён нiбы баяўся, што гэтыя гузiкi ўзарвуцца адразу i разнясуць на мэтлахi ўвесь царскi цягнiк.

- Што гэта? - грозна спытаў ён Мiколку, паказваючы на гузiкi.

- Гузiкi... Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта...

- Маўчаць! - i так грозна крыкнуў сiвы, што ў Мiколкi i дух заняло. А гэта што? - i сiвы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.

- "Зайцаў хлеб"... - ледзь прашаптаў ад страху Мiколка, адчуваючы сябе нi жывым нi мёртвым пад грозным пiсталетам.

- Панюхаць! - скамандаваў салдатам сiвы.

Тыя добра панюхалi па чарзе, паклалi назад i грымнулi ў адказ, як па камандзе:

- Хлеб, ваша сiяцельства!

Сiвы недаверлiва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам i, наморшчыўшы нос, загадаў:

- Пакласцi ўсё назад у кiшэнi злачынца. А яго прывесцi ка мне на допыт...

I вось стаiць Мiколка перад генералам, а можа, перад мiнiстрам, i ўспамiнае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькi, да мацi. А цягнiк iдзе. Толькi чуваць, як пастукваюць колы: цiк-так-так, цiк-так-так... Праз завешанае акно нiчога не было вiдаць. Абапал Мiколкi стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукi. Генерал пытае сурова:

- Дык чаго ж ты скочыў у вагон?

- Убачыць хацеў... - выпалiў адразу Мiколка. Ён ужо смеласцi пачаў набiрацца, узгадаўшы, як храбра лавiў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кiнуў гэтага сiвога, якi, бачыш ты, не разумее, што такое гузiкi i што такое "зайцаў хлеб". Дый баiцца, вiдаць, яго гэты сiвы. Не стаў бы звязваць Мiколку, пiсталетам яму пагражаць.

|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]