Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 52 из 146

Па старой звычцы ён не ездзiў у вагоне, а падсаджваўся на паравоз якога-небудзь цягнiка i так рабiў свае аб'езды, арганiзуючы рабочую ўладу на станцыях, па дэпо, па чыгуначных лiнiях.

А ворагi не хацелi здавацца. Яны збiралi ўсе сiлы, каб загубiць рабочую дзяржаву, каб зноў аднавiць стары лад у краiне. Насоўвалiся цяжкiя днi.

Мiколка вызваляе бальшавiкоў

Ужо з тыдзень хадзiлi чуткi, што наблiжаецца нямецкае войска.

Рабочыя дэпо рыхтавалi лепшыя паравозы, каб не пакiнуць iх немцам. Мiколкаў бацька раiўся з другiмi рабочымi, што рабiць: цi ваяваць з немцамi, цi пусцiць iх без бою. Але паступiлi i пэўныя ўказаннi, каб не адкрыць бойкi, не рабiць кровапралiцця, бо што могуць зрабiць рабочыя з узброенымi да зубоў палкамi Вiльгельма. Ды трэба было памятаць i аб Берасцейскiм мiры, расказаць аб iм рабочым i сялянам. Трэба было быць гатовым для падпольнай работы сярод нямецкiх салдат, каб зрабiць iх салдатамi-рэвалюцыянерамi.

Меркавалi, што немцы прыйдуць праз днi два, праз тры. Але яны з'явiлiся ноччу зусiм нечакана. Вiдаць, знайшоўся здраднiк на суседняй станцыi i не папярэдзiў аб адпраўцы нямецкiх эшалонаў.

Прачнуўся Мiколка ад стрэлаў. То ганялiся немцы за бацькам, якi ў адной сарочцы выскачыў праз акно i адстрэльваўся ад салдат. Бацьку ўдалося ўцячы, ён паспеў дабегчы да вялiкiх штабеляў дроў i схавацца там да вечара. I толькi ранiцай наступнага дня, калi iшлi рабочыя ў дэпо, бацька непрыкметна зайшоў у вагон. Страшна ўзрадавалiся мацi i Мiколка. Яны чулi, што арыштавана i пасаджана ў пакгаўз цэлая група рабочых-бальшавiкоў, i нiчога не ведалi, цi жывы яны, цi пабiты, цi ёсць сярод iх Мiколкаў бацька.

|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]