Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 54 из 146

- разышоўся ваўсю "буржуй", i аж тлустая яго шыя пачырванела i заскакаў тлусты падбародак з барадаўкамi, з рудайшчацiнай. I раптам "буржуй" змоўк, абмяк, нiбы костка яму ў горла папала цi нечакана паляруш стукнуў. Перад iм стаяў бацька, якi выйшаў з-за полага. Бацька прыставiў "буржую" рэвальвер да лба i гаварыў цiха, але так, што чуў i Мiколка:

- Дык вось хто немцам нас павыдаваў... Малiся ж Богу, што сядзiш ты ў мяне ў вагоне, не хачу вось шуму падымаць ды iм непрыемнасцi рабiць.

Тут паказаў ён на Мiколку i на мацi.

- А цяпер глядзi: калi хоць пiкнеш слова якое пра мяне цi супроць нас усiх, цi будзеш iх вось чапаць, дык памятай: жыццё кароткае, а мы яго яшчэ табе ўкароцiм... А не верыш, дык вось панюхай!.. Гэта табе прысяга - не раскрываць нiдзе свайго паганага рота ды вымятацца самому падабру, па-здароваму са станцыi...

"Буржуй" сядзеў i пiкнуць не смеў. У яго не пападаў зуб на зуб - i ад страху, i ад здзiўлення. Не чакаў ён сустрэць тут Мiколкавага бацьку, якога лiчыў ён ужо нават загiнуўшым ад немцаў.

Бацька сунуў яшчэ раз рэвальвер у лоб "буржую" i, развiтаўшыся са сваiмi, пайшоў як нi ў чым не бывала з вагона. Перапалоханы "буржуй" прасядзеў яшчэ з паўгадзiны i толькi тады рушыў з вагона. Пайшоў моўчкi, азiраючыся за сабой, як пабiты сабака.

А вечарам прыйшлi некалькi рабочых. Сярод iх Мiколкаў брат Павел, якi служыў змазчыкам. Мацi пайшла кудысьцi да суседзяў. Мiколка забраўся спаць на свой тапчан. Драмаў i прыслухоўваўся, аб чым цiха гаварылi рабочыя. Яны, вiдаць, спрачалiся аб нечым, бо адны гаварылi, што можна ўцячы з пакгаўза, другiя гаварылi, што цяжка.

|< Пред. 52 53 54 55 56 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]