Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 55 из 146

Тады Мiколка зразумеў, што гутарка iдзе аб вызваленнi тых рабочых, якiя арыштаваны немцамi i сядзяць зараз у станцыённым пакгаўзе. Добра ведаў Мiколка гэты пакгаўз, колькi разоў забiраўся ў яго з хлапчукамi, сваiмi таварышамi, калi грузiлi ў пакгаўз семечкi, гарох альбо якiя iншыя падобныя прысмакi.

- Туды вельмi цяжка забрацца, бо пакгаўз новы, ды часавых стаiць аж два - ад станцыi i ад горада, - чуў Мiколка, як гаварыў адзiн з рабочых. Пачуў i не сцярпеў. Саскочыўшы з тапчана, падбег да рабочых.

- Я магу залезцi ў пакгаўз, нягледзячы i на часавых... - хутка выпалiў ён i пачырванеў нават, цi то ад нечаканае свае храбрасцi, цi ад сарамлiвасцi.

Рабочыя аж ахнулi.

- Казаў жа я вам, каб гаварыць цiшэй... А то вось аб усiм i даведаўся гэты падшывалец.

Мiколку страшна ўкрыўдзiла такое слова. Ён скоса зiрнуў на гаварыўшага, працадзiў праз зубы:

- Каму падшывалец, а каму Мiколка, бальшавiкоў сын...

- Ну, то iдзi да немцаў i скажы iм, што бацька твой - бальшавiк!

- Няма такiх дурных! - увязаўся ў гутарку Мiколка. - Калi вам кажу, ведаю каму. А немцы пра бацьку i так ведаюць, што ён бальшавiк, бо не сталi б лавiць яго, нехта ж падказаў... А пакгаўз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькi разоў туды лазiлi галубоў ганяць...

- "Галубоў, галубоў!.." - перадражнiў яго адзiн з рабочых. - Тут, бачыш, не галубамi пахне, а куляй, а ты яшчэ дурань малы.

Хацеў тут Мiколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.

|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]