Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 6 из 146



Дужа там разбiраўся ў тых царскiх каронах Мiколка!

Куды цiкавей былi яму розныя цацкi: гайкi, каменьчыкi, шасцяронкi чыгунныя, розныя блiшчастыя гузiкi,якiя знаходзiў часам на пуцях. Ды яшчэ безлiч розных малюнкаў, аж паўсцяны вагона было аблеплена iмi. Кожны дзень папаўняў Мiколка сваю калекцыю, цi, як называў бацька, карцiнную галерэю. Шукаць доўга новыя малюнкi не прыходзiлася. Даволi прайсцiся раз у дзень па чыгунцы - вярсты дзве туды ды назад - вось i поўныя кiшэнi здабытку. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскiх цягнiкоў: тут i паперкi ад цукерак, папяросныя карабкi, часам цэлыя кнiжкi, газетныя лiсты, цiкавыя малюнкi на розных бутэльках.

"Смачна ядуць, чэрцi!" - думаў часам Мiколка, збiраючы сваю калекцыю. Пад чарцямi ён разумеў усiх тых, што ехалi ў пасажырскiх цягнiках, асаблiва ў вагонах першага i другога класа. Гэтыя вагоны ён вызначаў па iх колеру. Звычайны вагон бура-зялёнага прапыленага колеру, а другi i першы клас цёмна-сiняга, блакiтнага, а часам жоўтага.

- Паны... - у дадатак да чарцей называў ён пасажыраў гэтых вагонаў. I сапраўды, ездзiлi ў iх багата апранутыя людзi, прыгожыя ўборы былi на дзецях, якiя паказвалiся ў вокнах.

"Самi цукеркi жаруць, салодкую гарэлку п'юць, а мне толькi пустыя паперкi ды пустыя бутэлькi... Вось бы ўзяў бацька ды звярнуў цягнiк пад адхон, няхай бы тады гэтыя паняняты пехатой прайшлiся..." - так думаў часам Мiколка, не на жарты сярдуючы на гэтых людзей, якiя, вiдаць, не разумелi смаку ў "зайцавым хлебе" i жылi на ўсiм гатовым. I дзецi iх у прыгожых шапках з залатымi лiтарамi. Знайшоў раз Мiколка на пуцях такую шапку, дахаты прынёс, на галаву прымераў.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]