Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 7 из 146

Паглядзеў на шапку бацька ды кажа:

-Дурань ты, Мiколка! Хiба ў гэтай шапцы нам ды пры мазутнай справе... Не да твару, браце, нам такая шапка. У такiх шапках, браце, ходзяць толькi буржуйскiя дзецi.

- А хто такiя буржуi?

- Буржуi? - задумаўся бацька. - Гэта, бачыш, такiя людзi, якiя нiчога не робяць i смачна ядуць... Такiя, браце, пузатыя людзi, на чужым карку жывуць... на маiм вось, на тваiм.

Памацаў Мiколка свой карак, здзiвiўся.

- Няхай жа паспрабуе сесцi каторы, я яго гайкай па лбе.

- Дзiва што, гайкай... - пасмяяўся бацька.

Але думка пра буржуяў не пакiдала Мiколку. Часта ён чуў пра буржуяў у гутарках бацькi з другiмi суседзямi, рабочымi. Буржуямi часам лаяўся i старэйшы Мiколкаў брат - змазчык. I ў хуткiм часе адбылася сустрэча Мiколкi з буржуем. Можа, i не з сапраўдным буржуем, але ж вельмi да яго падобным. Зайшоў аднаго разу да iх нейкi начальнiк дэпо. I такi ж тоўсты-тоўсты, а на пузе блiшчастыя гузiкi, залатыя, няйначай. Зайшоў ён у вагон, абышоў кожны куток, усё поркаў нешта сваiм блiскучым кiёчкам, поркаў, носам вадзiў з боку ў бок ды моршчыўся, як той грыб-смарчок, што расце пад штабелямi старых шпал. На матку накiнуўся:

- Псуеце вы мне тут памяшканне, зусiм не даглядаеце за падлогай... Смецце каля вагона... Выганю ў дваццаць чатыры гадзiны.

I зусiм узлаваўся, аж плямiны белыя заскакалi на тлустым твары, ды кiёчкам сваiм як дзеўбане ў сценку, у самую галерэю карцiнную Мiколкаву.

- Гэта што? Сцены паскудзiць? Казённае памяшканне псаваць? Цi мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]