Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 74 из 146

Нiбы нехта кiдаў у чорныя прасцягi ночы прыглушаныя словы цi то просьбы, цi то адчаю, цi гарачага заклiку да расправы, да помсты.

Мiколка бачыў, як дзед уважлiва прыслухоўваўся да нечага, прынiкшы вухам аж да самай зямлi. Твар дзеда быў трывожны.

- Што слухаеш, дзеду?

- Нiчога, унуча, гэта я так... - схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за iм назiрае Мiколка. - Ты сабе спi спакойна...

Але адзiн за адным даляцелi гукi стрэлаў, i тады Мiколка рашуча запытаў дзеда:

- Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робiцца ноччу?

- А што можа рабiцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.

З паўночы крыху паспакайнела, i Мiколка з дзедам моцна заснулi пад яловым дахам. Але пад самую ранiцу, калi пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, iзноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Мiколка да палахлiвых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былi паасобныя словы:

- Божа ж мой, Божа...

I яшчэ чуваць былi нейкiя словы, але былi яны зусiм незразумелымi, i нiколi Мiколка iх не чуў.

Заварушыўся Мiколка.

- Уставайма, дзед. Вунь плачуць, ды блiзка недзе... Дапамагчы трэба.

Прыслухаўся дзед.

- Так... плачуць... Ну што ж, пойдзем, унуча. Вазьмi толькi ў мяшок наша снеданне.

Мiколка выкарпаў з цяпла дзесяць печаных бульбiн, якiя паклаў у прысак, калi лажылiся спаць. Укiнуў бульбу ў торбу, якая вiсела ў яго цераз плячо. Смачна пахла бульба, i ад торбы iшла прыемная цеплыня, прыграваючы Мiколкаў бок.

|< Пред. 72 73 74 75 76 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]