Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 90 из 146



Памешчык ажпадскочыў на крэсле, цi то ад страху, цi то ад нечаканасцi. Паволi падымаўся палкоўнiк, i вочы яго налiвалiся крывёй, увесь ён надзьмуўся неяк, ашчацiнiўся, нiбы ўспенiўся твар, набрыняў хваравiтаю чырванню. Палкоўнiк адразу страцiў увесь свой важны выгляд, сваю вытрыманасць. Ён бегаў навокал стала, падбягаў да дзеда з Мiколкам, трос кулакамi, адскокваў раптам назад, нiбы не Мiколка стаяў перад iм, а ўзброены да зубоў чалавек. Мiколка разумеў, што трапiлi яны з дзедам у бяду, ды яшчэ вялiкую. А праз каго? Вiдаць, трохi i праз дзеда... Гэта ж трэба, зброю схаваў, а пра патроны забыўся. Але некалi было крыўдаваць, дый цяжка было крыўдаваць на дзеда. Як-нiяк, ён жа вельмi стары чалавек, дзе яму ўсё прыпомнiць.

А палкоўнiк усё бегаў.

Надакучыла гэта Мiколку. Дый цяжка было стаяць увесь час на змораных нагах. I, не чакаючы асаблiвага запрашэння, Мiколка важна ўсеўся ў крэсла ля стала, ды яшчэ дзеда запрасiў:

- Сядай, дзед, яны ж могуць i пастаяць, не вялiкай жа працы людзi...

Дзед разгублена паглядзеў на ўнука, але потым рашуча сеў, махнуўшы рукой:

- Нам цяпер усё роўна! Абы адпачыць...

Аж аслупянелi тут усе. У памешчыка выпала папяроса з зубоў. Вырачанымi вачыма пазiраў на памешчыка палкоўнiк. Стаялi афiцэры, выцягнуўшыся ў струнку, чакалi начальнiцкага загаду. Замерлi салдаты ля дзвярэй. У пакоi была мёртвая цiшыня. Чуваць было толькi, як гудзе каля лямпы муха, выбiрае месца, дзе сесцi. I села. Проста на начальнiцкi нос села. Муха вывела палкоўнiка з аслупянення.

|< Пред. 88 89 90 91 92 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]