Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 94 из 146

Прашуршыць часам спужаная мыш у саломе.

А на дварэ парыпвае пясок пад цяжкiмi ботамi часавога. Паблiсквае штык пад месяцам, цьмяна льснiцца цёмная каска. Застыглi на ганку палаца чорныя кулямёты, ды дрэмлюць салдаты ля iх.

Цiха шалясцяць на вятрыску пахучыя лiпы, скiдаючы на жвiр, на траву цяжкiя кроплi расы.

Спiць Мiколка.

Нiбы спiць i не спiць. Ён едзе на вялiкiм-вялiкiм паравозе. Ля акенца бацька сядзiць. Снапы гарачых iскраў ляцяць з трубы i нiзка пасцiлаюцца над дрэвамi, над кустамi, над бязмежнымi прасцягамi палёў. Ляцяць рэйкi насустрач i нiбы пасцiлаюцца пад магутныя колы, нiбы праглынаюцца паравозам... А ён усё шпарчэй i шпарчэй, цiха кружыцца галава ў Мiколкi, развяваюцца валасы ад страшэннага ходу, ад iмклiвага ветру. Пара шыпiць, аж гудзе, i ляскочуць сталёвыя колы.

...Тах-тах-тах... тах-тах-тах...

Зiрнуў Мiколка ўперад, i валасы ў яго дыбам - проста на iх ляцiць, наблiжаецца семафор. Вялiкi, чырвоны. Як кроў, гарыць яго зыркае вока. А паравоз усё шпарчэй i шпарчэй, аж заходзiцца сэрца, дыхаць цяжка. Збiраецца з сiлай Мiколка, намагаецца крыкнуць. Але цяжка перамагчы страшэнны бег паравоза, гэты грукат сталi, жалеза, гэтае гудзенне шалёных вятроў. Яшчэ секунда i, перамагаючы страх, крыкнуў Мiколка:

- Бацька, стой! Стой, стой, семафор вунь чырвоны...

Крыкнуў i прахапiўся, вочы адкрыў. Разам з iм прачнуўся дзед, прачнулiся ўсе, што спалi з iм разам. Спачатку нiчога не маглi ўцямiць. У склепе было вiдна, але святло было нейкае дзiўнае.

|< Пред. 92 93 94 95 96 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]