Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 95 из 146

Маленькае акенца ўзiралася ў iх распаленым чырвоным вокам...

- Пажар! - схамянулiся ўсе i кiнулiся да акна.

Нечаканае вызваленне

Кавалак неба, якi вiдзён быў праз акенца, цяпер здаваўся жывым. Нiбы трапятаў ён, калыхаючыся ў чырвоных пералiвах. Чырвань то набракала крывёю, то рабiлася цьмянай, то раптам успыхвала на ўсю шырыню залацiстымi водблiскамi. Водблiскi цямнелi, гаслi, знiкалi i зноў успыхвалi з новаю сiлай, паланiлi ўсё неба. I здавалася, плавiцца неба, робiцца вадкiм, празрыстым. Вось-вось успыхне яно i ападзе на зямлю мiльёнамi iскраў i ззяючага вугалля. Нiбы аграмадная птушка ўзмахвала агнявым крылом, i яно бiлася, трапятала, параненае, цяжка прыпадала да зямлi, рассыпаючы па небу залатыя пер'i.

Глуха шумелi цяпер барвовыя кроны лiп. То ўзняўся вецер i грозна гудзеў у садзе, па сценах палаца, па даху. Чамусьцi не вiдаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку.

- Пажар! - крыкнулi людзi. - Але дзе гэта гарыць? Няйначай, пачалося з панскiх гумнаў, адтуль ляцяць iскры.

I толькi сказалi гэта, як страшэнны выбух адкiнуў iх ад акна. Блiснула асляпляючым полымем, i, уздрыгануўшы, глуха загудзелi сцены склепа. Пасыпаўся тынк са сцен, са столi. Чутна была бязладная тупатня ног наверсе, чыесьцi крыкi, i зусiм недалёчка раздалося некалькi адрывiстых стрэлаў. Потым раптам нiбы ўсё змоўкла на хвiлiну, i злавесная цiшыня павiсла над домам, над садам.

Мiколка зiрнуў у акно. I першае, што ён убачыў, гэта нямецкую каску. Яна ляжала ля самага акенца, уткнуўшыся казырком у пясок.

|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]