Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 102 из 253

Мне стала сумна. «Я п'яная свіння, — паўтараў я, — нельга раскашаваць, калі іншаму дрэнна». І так мне стала шкада яе, што я паспрабаваў заплакаць і… адразу зрабіўся цвярозым. Госці ўставалі з-за стала.

— Панове, — казаў Дубатоўк, — вы прагуляйцеся трошкі, трэба стол паднавіць.

Божа, гэта быў яшчэ толькі пачатак! А яны ж былі ўжо добра напітыя. Было восем гадзін вечара. Нічога. Яшчэ рана. Я ведаў, што, так раптоўна працверазеўшы, я больш не буду сёння п'яным, але ўсё ж вырашыў піць асцярожна, бо яшчэ ў балоце загразнеш — будзе тады штука.

Разважаліся. Дубатоўк паказваў добрую калекцыю зброі. Вельмі хваліў адну старую шаблю, якую выпрасіў у Рамана Яноўскага. Казаў, што расейскі булат бярэ медную пласціну, польская «зыгмунтоўка» даволі тоўсты цвік, а гэта — наша, сакрэт яшчэ татары пры Вітаўце завезлі. І ўнутры ртуць, удар такі, што не тонкую медную пласцінку возьме, але і тоўстую. Яму не верылі. Ён раскрычаўся, загадаў Антосю прынесці чурак. Антось унёс у пакой кароткае бервяно таўшчынёю ў тры чалавечыя шыі, паставіў на падлогу.

Усе прыціхлі. Дубатоўк прымерыўся, выскаліўся, і раптам шабля апісала ў паветры амаль нябачнае паўкола.

Хакнуўшы нутром, Дубатоўк пацягнуў шаблю на сябе і… перасек бервяно наўскос. Памахаў кісцю рукі ў паветры. Усе маўчалі, прыгаломшаныя.

— Вось як трэба, — каротка сказаў ён.

|< Пред. 100 101 102 103 104 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]