Страница:
103 из 253
У гэтай пярэрве мне ўдалося адвесці Свеціловіча на ганак і, напамятаўшы яму ягоныя словы, расказаць пра ўсё, што адбывалася ў БалотныхЯлінах. Ён надта ўсхваляваўся, сказаў, што чуў пра ўсё гэта і раней, але не вельмі верыў.
— Цяпер верыце?
— Вам веру, — проста сказаў ён. — І абяцаю вам, пакуль я жывы, ніводны волас не ўпадзе з яе галавы. Д'ябал гэта, здань або штосьці іншае — я стану на ягоным шляху.
Мы дамовіліся, што ён і я будзем расследаваць гэту справу разам, што ён праз дзень прыйдзе да мяне і раскажа, пра што ён даведаўся ў наваколлі (розныя пагалоскі і плёткі маглі прынесці пэўную карысць). Дубатоўка вырашылі пакуль што ў справу не блытаць: стары мог разнервавацца і, па сваім звычаі, секчы з пляча.
Вячэра цягнулася далей. Зноў частавалі, зноў пілі. Я заўважыў, што Дубатоўк падлівае сабе і мне роўна, п'е і дапытліва паглядае на мяне. Калі я выпіваў чарку, на яго твары з'яўляўся выраз задавальнення. Гэта было сваероднае падбухторванне на спаборніцтва. А ў пярэрвах ён прапаноўваў то «бліны з мачанкаю», то «надзвычайныя штонікі з мясам, так і плаваюць у масле, святыя такіх не елі». Відаць, ён апрабоўваў мяне з усіх бакоў. Я піў і амаль не п'янеў.
Астатнія, акрамя Свеціловіча, былі ўжо ў тым стане, калі кожны не слухае, што кажа другі, калі твары чырвоныя, калі адзін спявае, другі расказвае сябру пра гісторыю з яго каханкай, трэці наддзіраецца, каб звярнуць увагу ўсіх на нейкі каларытны факт сваёй біяграфіі, а чацвёрты сам сабе распавядае, якая добрая ў яго была маці, і які ён п'янюга, і які ён ганебны: няварты такой маці сын.
Спявалі, цалаваліся.
|< Пред. 101 102 103 104 105 След. >|