Страница:
104 из 253
Нехта выў:
Мая жонка ў хаце,
А я п'ю, гуляю.
Карчмару вала, а душу
Д'яблу прапіваю.
Другі цягнуў сваё:
Раскажыце мне, добры людзейкі,
Дзе мой любы начуе.
Калі ў дальняй дарозе -
Памажы яму, Божа,
Як ва ўдовачкі на пасцелечцы -
Пакарай яго, Божа.
Як ва ўдовачкі на пасцелечцы…
Хтосьці прыўзняў галаву ад стала і праспяваў свой варыянт апошняга радка:
Пам-мажы яму… тож-жа.
Усе зарагаталі.
Між тым Дубатоўк пакруціў галавою, як быццам адганяючы ачмурэнне, устаў і агаласіў:
— Я нарэшце знайшоў сярод маладых сапраўднага шляхціца. Ён піў сёння больш за мяне, я адурэў, а ён свежы, як хмыз пад дажджом. Вы ўсе тут не вытрымалі б і паловы гэтага. Дзевяць з вас ляжалі б без ног, а адзін мыкаў. Гэта мужчына! Гэта чалавек! Яго, і толькі яго, я з задавальненнем узяў бы ў сябры юнацтва.
Усе пачалі крычаць «славу». Толькі адзін Варона глядзеў на мяне змрочна і з'едліва. Пілі за маё здароўе, за шляхту — соль зямлі, за маю будучую жонку.
Калі захапленне трошкі прыціхла, Дубатоўк паглядзеў мне ў вочы і давяральна спытаў:
— Ажэнішся?
Я няпэўна хітнуў галавою, хоць добра разумеў, пра што ён пытае. Ён, відаць, быў упэўнены ў гэтым, а мне не хацелася яго пераконваць у адваротным. Старому я спадабаўся, ён быў падпіты зараз і мог вельмі пакрыўдзіцца, калі б я шчыра сказаў яму, што я ніколі пра гэта не думаў і думаць не хачу.
|< Пред. 102 103 104 105 106 След. >|