Страница:
105 из 253
— Яна прыгожая, — замест адказу сцвердзіў Дубатоўк і ўздыхнуў, адводзячы ўбок вочы.
— Хто? — спытаў я.
— Мая падапечная.
Справа зайшла занадта далёка, і больш круціць нельга было, атрымалася б, што я скампраметаваў дзяўчыну.
— Я не думаў пра гэта, — сказаў я. — А каб нават і думаў, дык гэта справа не мая. Спыталі б перш за ўсё ў яе.
— Унікаеш сур'ёзнага адказу, — раптам з'едліва працадзіў Варона (я не чакаў, што ён можа чуць нашу ціхую размову). — Не хочаш проста і шчыра сказаць сур'ёзным людзям, што гонішся за грашыма, за радавітай жонкаю.
Я збялеў. Імкнучыся трымацца спакойна, адказаў:
— Я не збіраюся жаніцца. І наогул лічу, што размова пра дзяўчыну ў халастой падпітай кампаніі — не пасуе сапраўднаму чалавеку. Заціхніце, пан Варона, не прыцягвайце ўвагі п'яных да бязвіннай дзяўчыны, не псуйце яе рэпутацыі, і я, хоць гэта жахлівая абраза, дарую вам яе.
— Хо! — сказаў Варона. — Ён мне даруе. Гэты кот, гэтае хамуйла.
— Замаўчыце! — крыкнуў я. — Як вы абражаеце яе адным з гэтых слоў, падумайце?!
— Панове! Панове! — супакойваў нас Дубатоўк. — Варона, ты п'яны.
— Думайце самі. Я спусціў вам аднойчы вашу правіну, я не буду гэтага рабіць больш, — прашыпеў Варона.
— Мярзотнік! — гаркнуў я, шалеючы.
— Гэта я?
— Так, вы! — крыкнуў я так страшна, што нават той, хто спаў, узняў галаву ад стала. — Я прымушу вас замазаць глотку.
Сталовы нож прасвісцеў у паветры і плазам стукнуўся мне ў грудзі. Я ўскочыў з месца, схапіў Варону за грудзі і трахануў.
|< Пред. 103 104 105 106 107 След. >|