Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 106 из 253

У той самы час Дубатоўк схапіў нас за плечы і расцягнуў, моўчкі штурхнуўшы Варону ў грудзі.

— Саромся, Алесь! — загрымеў ён. — Ты шчанюк… Зараз жа мірыся.

— Не, чакай, Дубатоўк. Справа сур'ёзная. Позна. Закрануты мой гонар, — рыкаў Варона.

— І мой гонар, як гаспадара. Хто цяпер прыедзе да мяне ў госці? Усе скажуць, што ў мяне можна нарвацца на такое, — гудзеў Дубатоўк.

— Пляваць, — выкрыкнуў, ашчэрыўшыся, Варона.

Дубатоўк моўчкі даў яму поўху.

— Цяпер ты будзеш перш за ўсё біцца на шаблях, са мною, бо ён толькі ўзяў цябе за грудзі, — прасіпеў ён такім голасам, што многія здрыгануліся. — Я зраблю так, што мой госць пойдзе адсюль жывы і здаровы.

— Памыляешся, — амаль спакойна сказаў Варона. — Хто першы абразіў, той першы і ў чарзе. А пасля ўжо справа будзе і з табою, хоць і забі мяне.

— Алесь, — амаль благаў Дубатоўк. — Не рабі ганьбы маёй хаце.

— Ён будзе біцца са мною, — цвёрда сказаў Варона.

— Ну і добра, — нечакана згадзіўся гаспадар. — Нічога, пан Беларэцкі. Будзьце мужнымі. Гэты свінтух зараз такі п'яны, што не зможа трымаць пулгака. Я, бадай што, стану поруч з вамі, гэта будзе самае небяспечнае ад куль месца на ўсім месцы дуэлі.

— Што вы, пане Рыгор… — я паклаў далонь яму на члячо. — Не трэба. Я не баюся. Будзьце мужнымі і вы.

Варона ўтаропіў на мяне свае чорныя мёртвыя вочы:

— Я яшчэ не скончыў. Страляцца будзем не ў садзе, іначай гэты фацэт уцячэ. І не заўтра, іначай ён ад'едзе адсюль.

|< Пред. 104 105 106 107 108 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]