Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 13 из 253



Бабуля за дзвярыма раптам пажвавела:

— Граф Беларэцкі?

— Спадзяюся быць графам, — адказаў я з плебейскай непачцівасцю да тытулаў.

Голас пасуровеў:

— Ну і ідзі сабе, добры чалавек, туды, адкуль прыйшоў. Бачыце вы, ён на графства спадзяецца. Жартачкі начныя! Пайшоў, пайшоў. Пашукай сабе дзе-небудзь у лесе бярлог, калі ты такі спрытны.

— Бабуля, — узмаліўся я, — з радасцю пашукаў бы, каб не непакоіць людзей, але ж я не тутэйшы, я з павета, заблукалі мы, сухой ніткі няма.

— Прэч, прэч, — сказаў няўмольны голас.

Іншы чалавек, можа, схапіў бы ў адказ на гэта камень і пачаў бы біць у дзверы, сыплючы праклёны, але я нават тут не мог пазбавіцца думкі, што гэта дрэнна: сілком драцца ў чужую хату. Таму я толькі ўздыхнуў і звярнуўся да фурмана:

— Ну што ж, пайшлі адсюль.

Мы накіраваліся былі да фурманкі. Відаць, наша саступлівасць зрабіла добрае ўражанне, бо голас, памякчэўшы, кінуў нам наўздагон:

— Пачакайце, падарожнікі. Хто ж вы такія?

Я забаяўся адказаць «фалькларыст», бо двойчы мяне пасля гэтага слова лічылі за мазурыка. Таму я адказаў:

— Купец.

— А як жа вы трапілі ў парк, калі вакол мур і чыгунная агароджа?

— А я і не ведаю, — адказаў я шчыра. — Ехалі недзе, відаць, па балоце, кудысьці праваліліся, ледзь выбраліся… Раўло там нешта.

Я і не спадзяваўся на такі вынік маіх слоў, але пасля іх голас ціха войкнуў і спуджана закудахтаў:

— А-а Божжа ж мой! А гэта ж вы, напэўна, з Волатавай прорвы прыехалі, гэта ж толькі там і няма агароджы. Во пашчасціла вам, выратавала вас царыца нябесная.

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]