Страница:
117 из 253
Хутка мне ўжо здавалася, што я ўпаду, я і сапраўды два разы спатыкнуўся, але выправіўся і бег, бег, бег. Павольна, вельмі павольна набліжаўся цёмны парк, а тупат гучаў усё бліжэй і бліжэй.
На маё шчасце, прыйшло другое дыханне, як сказалі б зараз. Я бег напрасткі, праз яры і ямы, агінаючы гарбы, на якіх мяне маглі заўважыць. І тупат гучаў то бліжэй, то далей, то з правага, то з левага боку. Мне не было часу азірацца, але раз я ўсё ж азірнуўся з хмызоў. Яны, людзі дзікага палявання, ляцелі за мною ў малочным нізкім тумане.
Коні іхнія распасцерліся ў паветры, верас звінеў пад капытамі, коннікі сядзелі нерухома, і над імі, у лапіку чыстага неба, гарэла самотная вострая зорка.
Напружыўшы апошнія сілы, я скаціўся з горкі, перасек шырокую сцежку, скокнуў у канаву і пабег па дне, па вадзе. Канава набліжалася да агароджы. Я выскачыў з яе і адным скачком перанёсся да агароджы. Яны былі ў якіх-небудзь дваццаці сажнях ад мяне, але трохі замарудзіліся, і гэта дало магчымасць праскочыць у ледзь прыкметную дзірку і захавацца ў бэзе. На сцежцы было зусім цёмна ад дрэў, і таму, калі яны амаль бязгучна прамчалі паўз мяне, я не змог разгледзець іх. Але я добра чуў, як галаўны прастагнаў: «Да прорвы».
Дзікае паляванне памчала далей, а я сеў на зямлю. Сэрца маё калацілася, як хвост авечкі. Але я хутка ўстаў. Сядзець пасля бегу нельга. Я добра разумеў, што толькі атрымаў адтэрміноўку. Яны могуць хутчэй дамчаць навакольным шляхам да дома, чым я дайду да яго нацянькі. І зноў пабег.
|< Пред. 115 116 117 118 119 След. >|