Страница:
126 из 253
Яны такія гжэчныя, вытанчаныя, так хаваюць свае думкі. Мне так апрыкрала гэта. Я хачу бачыць вас у гэтым доме, я толькі не хачу бачыць вас такім, як учора, або…
— Або забітым, — падхапіў я. — Не хвалюйцеся. Больш вы мяне такім не пабачыце. Зброя са мною. І зараз не я ад іх, а яны ад мяне будуць бегаць, калі хоць кропля крыві ёсць у іхніх бясплотных жылах.
Яна ўстала і пайшла з альтанкі. Ля самага ўвахода пастаяла хвіліну спіной да мяне, павярнулася і, гледзячы ўніз, сказала:
— Я не хацела, каб вы рызыкавалі жыццём. Вельмі не хацела. Але пасля вашага адказу я думаю пра вас у сто разоў лепш. Толькі вельмі сцеражыцеся, Беларэцкі. Не забывайце нідзе зброі. Я… вельмі рада, што вы не паслухаліся мяне, не вырашылі ехаць. І я згодна з вамі, што людзям трэба дапамагчы. Мая небяспека — глупства, але іншыя людзі — усё. Яны, можа, тут больш вартыя шчасця, чым тыя, на сонечных раўнінах, бо яны больш пакутавалі ў чаканні яго. І я згодна з вамі: ім трэба дапамагчы.
Яна пайшла, а я яшчэ доўга сядзеў і думаў пра яе. Я быў уражаны, сустрэўшы ў гэтым балоце такую высакароднасць і прыгажосць душы.
Вы ведаеце, як падвышае і ўзмацняе чалавека веданне таго, што на яго нехта пакладаецца, як на каменны мур. Але я, відаць, дрэнна ведаў сябе, бо наступная ноч належыць да самых жахлівых і непрыемных успамінаў майго жыцця. Год дзесяць пасля я, прыпамятаўшы яе, мыкаў і стагнаў ад ганьбы, і жонка пыталася ў мяне, што са мною здарылася.
|< Пред. 124 125 126 127 128 След. >|