Страница:
125 из 253
А мёртвым пакіньце магілы…
Я раззлаваўся да непрытомнасці:
— А вы не мой народ? А гэтыя людзі, запалоханыя і галодныя, гэта не мой народ? А Свеціловіч, якому я павінен буду здрадзіць, гэта не мой народ? А гэтыя праклятыяБогам балоты, дзе чыніцца мярзота, гэта не мая зямля? А дзеці, якія плачуць уначы, пачуўшы пошчак капыт дзікага палявання, якія дрыжаць ад жаху ўсё жыццё, гэта не дзеці маіх братоў? Як вы смелі нават прапанаваць мне такое?!
Яна ламала рукі:
— Пане Беларэцкі… Няўжо вы не разумееце, што позна абуджаць да жыцця гэтую мясцовасць і мяне? Мы стаміліся спадзявацца, не абуджайце нашай надзеі. Позна! Позна! Няўжо вы не разумееце, што вы адзін, што вы нічога не зробіце, што пагібель ваша — гэта будзе жахліва, гэта будзе непапраўна! Я не дарую сабе гэтага. О, каб вы ведалі, якія гэта жахлівыя здані, якія ненажэрныя да чужой крыві!
— Надзея Раманаўна, — сказаў я холадна, — ваш дом — моцная крэпасць. Але калі вы гоніце мяне, я пайду ў менш надзейную, але не пакіну гэтай мясцовасці. Зараз трэба або памерці, або перамагчы. Памерці — калі гэта здані. Перамагчы — калі гэта людзі. Я не паеду адсюль, не паеду нізавошта на свеце. Калі я перашкаджаю вам — іншая справа. Але калі ваша просьба выклікана толькі тым, што вы баіцёся за мяне, не хочаце рызыкаваць маёй скурай, — я застаюся. Урэшце, гэта мая скура, і я маю поўнае права карыстацца ёй, як сам захачу. Разумееце?
Яна паглядзела на мяне разгублена, са слязьмі на вачах.
— Як вы маглі нават падумаць, што я не хачу бачыць вас у гэтым доме?! Як вы маглі падумаць? Вы мужны чалавек. Мне спакойна з вамі. Мне, нарэшце, добра з вамі, нават калі вы такі грубы, як зараз былі. Шляхціц так не сказаў бы.
|< Пред. 123 124 125 126 127 След. >|