Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 124 из 253

Гэты чалавек трыста разоў даказваў сваю адданасць і вернасць нашаму дому, ён добры чалавек, ён не даў Гарабурдзе падаць да сыскання наш вэксаль яшчэ пры бацьку і зрабіў гэта не зусім дазволеным шляхам: вызваў яго на дуэль і сказаў, што ўсе сваякі яго будуць вызываць Гарабурду да таго часу, пакуль справа не скончыцца для яго дрэнна. Але менавіта таму я і не жадаю, каб ён умешваўся. Ён занадта гарачы, дзядзечка.

Вочы яе, прамяністыя і ціхія, заблішчалі раптам.

— Пан Беларэцкі, я даўно жадала сказаць вам нешта. Пасля ўчарашняй нашай размовы, калі вы кляліся, я зразумела, што чакаць нельга. Вы павінны пакінуць Балотныя Яліны, пакінуць сёння, самае позняе заўтра, і ехаць у горад. Хопіць. Адспявалі скрыпкі. У свае правы ўступае смерць. Вам няма чаго рабіць тут. Едзьце. Пакіньце гэты забруджаны стагоддзямі дом, гнілых людзей, іхнія злачынствы таму, што да іх пасуе: ночы, дажджы. Вы занадта жывы для гэтага. І вы чужы.

— Надзея Раманаўна! — залямантаваў я. — Што вы кажаце! Мяне ўжо называлі тут чужынцам. Ці мог я чакакаць, каб і з вашых вуснаў даляцела да мяне тое самае жорсткае слова? Чым я заслужыў яго?

— Нічым, — суха сказала яна. — Але позна. Усё на свеце позна прыходзіць. Вы занадта жывы. Ідзіце да свайго народа, да тых, хто жыве, галадае і смяецца. Ідзіце перамагаць.

|< Пред. 122 123 124 125 126 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]