Страница:
127 из 253
І я ніколі, аж па сённяшні дзень, не распавядаў пра гэтую ноч і мае думкі нікому.
Можа, і вам не распавёў бы, але мне ў галаву прыйшла думка, што не так важлівыя ганебныя думкі, як тое, ці здолеў чалавек іх перамагчы, ці не прыходзілі яны да яго пасля. І я вырашыў расказаць вам гэта для навукі.
Перад вечарам да мяне прыйшоў Свеціловіч. У гаспадыні балела галава, і яна яшчэ да яго з'яўлення зачынілася ў пакоі. Мы размаўлялі перад камінам удвух, і я расказаў яму пра здарэнні мінулага вечара. Выраз непаразумення адбіўся на яго твары, і я спытаў, што яго так здзіўляе.
— Нічога, — адказаў мне ён. — Ахмістрыня — гэта глупства. Магчыма, яна проста крадзе ў гаспадыні з яе мізэрных набыткаў, магчыма, яшчэ што. Я даўно ведаю гэту бабу: даволі скупаватая і дурная, як бот. У яе мазгі заплылі тлушчам, і на злачынства яна не здатная, хоць пасачыць за ёй, здаецца, нядрэнна. Блакітная Жанчына таксама лухта. У наступны раз, калі пабачыце яе, стрэльніце ў той бок. Я не баюся зданяў-жанчын. А вось вы лепей адгадайце, чаму я так здзівіўся, пачуўшы пра ўчарашняе дзікае паляванне?І
— Н-не ведаю.
— Ну, а скажыце, ці не было ў вас ніякіх падазрэнняў наконт Вароны? Скажам, так. Варона сватаецца да Яноўскай, атрымлівае гарбуза і пасля, каб адпомсціць, пачынае выкідваць жарцікі з дзікім паляваннем. Вы не чулі пра сватанне? Так, так, яшчэ два гады таму, пры жыцці Рамана, ён прапанаваў гэтаму, тады яшчэ дзіцёнку, руку і сэрца. Таму і на вас злуецца, таму і сваркі шукаў, а калі не атрымалася — вырашыў прыбраць вас з дарогі.
|< Пред. 125 126 127 128 129 След. >|