Страница:
129 из 253
— А вы што, і Дубатоўка падазравалі?
— А чаму не? — жорстка сказаў Свеціловіч. — Я нікому зараз не давяраю. Справа ідзе пра Надзею Раманаўну. Што ж я Дубатоўка буду адсюль, з падазроных, выключаць? З якой прычыны? Што добры ён? У-га як чалавек прыкінуцца можа! Я і сам… учора нават не падыходзіў да вас пад час дуэлі, каб не падазравалі, калі яны злачынцы. І зараз не буду падыходзіць, не трэба. Я і вас падазраваў: раптам… ды пасля схамянуўся. Вядомы этнограф ідзе ў бандыты! Ха! Так і Дубатоўк мог ягняткам прыкінуцца. А галоўнае, не спадабаўся мне ягоны гэты падарунак, партрэт Рамана Старога. Як быццам назнарок, каб дзяўчыну з каляі выбіць.
— А што, — схамянуўся я, — сапраўды падазрона… Яна зараз нават ля каміна сядзець баіцца.
— То-та ж бо, — прыгнечана сказаў Свеціловіч. — Значыцца, не ён кароль Стах. Падарунак гэты якраз на яго карысць кажа. І ўчарашняя падзея.
— Слухайце, — сказаў я. — А чаму б не дапусціць, што кароль Стах — гэта вы. Вы ж пайшлі ўчора пазней мяне, вы да мяне без усякай падставы раўнуеце. Вы, можа, мне проста вочы замыльваеце, а на самай справе, ледзь толькі я выйшаў, як вы: «На коні, хлопцы!»
Я ні на хвіліну не думаў так, але мне не спадабалася, што даверлівы шчыры хлопец сёння трымае сябе як недаверлівы дзед.
Свеціловіч глядзеў на мяне, як ачмурэлы, лыпнуў разы са два вачыма і раптам зарагатаў, адразу ператварыўшыся зноў у добрага чыстага юнака.
— То-та ж бо, — адказаў я ягоным тонам.
|< Пред. 127 128 129 130 131 След. >|