Страница:
131 из 253
Небяспечна, маёнтак не дае даходу,на ім вісяць нейкія вэксалі, як кажуць.
— А вы не думаеце, што Гарабурда…
— Гм. А якая яму выгада злачынствам зарабляць тое, што ўсё адно можа належаць яму. Скажам, Яноўская выйдзе замуж — вэксаль у яго, калі гэта не байка. Ды ён і баягуз, якіх мала.
— Так, — задумаўся я. — Тады пойдзем другім шляхам. І вось якім: трэба даведацца, хто выбавіў у той вечар Рамана з дому. Што мы ведаем? Што дзіцё было ў нейкіх Кульшаў? А можа, Раман зусім не па яго выехаў? Я ж гэта ведаю са слоў Бермана. Буду пытаць у Кульшаў. А вы навядзіце спраўкі пра жыццё Бермана ў губернскім горадзе.
Я праводзіў яго да дарогі і вяртаўся ўжо ў прыцемку алеяю. Брыдка і непрыемна было мне на душы. Алея, уласна, даўно ператварылася ў сцежку і ў адным месцы агінала вялізны, як дрэва, круглы куст бэзу. Мокрыя сэрцападобныя лісты, яшчэ зусім зялёныя, цьмяна блішчалі, з іх падалі празрыстыя кроплі, і куст плакаў.
Я абмінуў яго і адышоў крокаў на дзесяць, калі раптам нешта суха луснула ззаду. Я адчуў пякучы боль у плячы.
Сорамна сказаць, але ў мяне адразу затрэсліся жылкі. «Вось яно, — падумаў я, — зараз пекануць яшчэ раз». Трэба было стрэльнуць проста ў бэз ці нават проста кінуцца бегчы — усё было б разумней таго, што я зрабіў. А я, з вялікага перапуду, павярнуўся і кінуўся бегчы проста на куст, грудзьмі на кулі. І тут я пачуў, што ў хмызах нешта затрашчала, хтосьці кінуўся ўцякаць. Я гнаўся за ім, як шалёны, і толькі здзівіўся, чаму ён не страляе.
|< Пред. 129 130 131 132 133 След. >|