Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 130 из 253

— Не плявузгайце на такіх старых, як Дубатоўк, дарэмна. Абразіць чалавека нядоўга.

— Ды я і не думаю зараз на яго, — усё яшчэ рагочучы, адказаў ён. — Я ж вам казаў, яны былі са мною. Калі пачало днець, Вароне зрабілася вельмі дрэнна, пайшла зноў кроў, пачаў трызніць. Паслалі аднаго за дзедам-знахарам, пасля нават урача прывезлі, не паленаваліся ў павет паехаць. Прыехаў ён зусім нядаўна і прыгаварыў Варону да тыдня ў ложку. Сказалі, што атрымалася выпадкова.

— Ну, а хто б яшчэ мог быць?

Мы перабралі ўсё наваколле, але ні на кім не спыніліся. Думалі пра Бермана нават і хоць разумелі, што ён — цялё, вырашылі напісаць ліст да знаёмых Свеціловіча ў губернскі горад і даведацца, як ён там жыў раней і што ён за чалавек. Гэта было патрэбна таму, што ён быў адзіны з людзей яноўскага наваколля, пра якога мы нічога не ведалі. Мы гадалі і так і сяк, але ні да чаго не маглі дадумацца.

— Хто багацейшы ў ваколіцах Балотных Ялін? — спытаў я.

Свеціловіч падумаў:

— Яноўская, здаецца… Хоць багацце яе мёртвае. Пасля ідзе Гаровіч (ён не жыве тут), пасля пан Гарабурда — між іншым, галоўны наследнік Яноўскай у тым выпадку, калі б яна памерла зараз. Пасля ідзе, пэўна, Дубатоўк. Зямлі ў яго мала, гаспадарка і хата, самі бачыце, бедныя, але, відаць, ёсць прыхаваныя грошы, бо ў яго заўсёды ядуць і п'юць госці. Астатнія — дробязь.

— Вы кажаце — Гарабурда наследнік Яноўскай. Чаму ён, а не вы, яе сваяк?

— Я ж вам казаў, бацька сам адмовіўся ад права на спадчыну.

|< Пред. 128 129 130 131 132 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]