Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 137 из 253

За якія грахі караешся ты, мой народ, за што ты мяцешся па ўласнай зямлі, як асенняе лісце? Які забаронены яблыкз'еў першы Адам майго племя?

Адны жэрлі не ў сябе, другія паміралі пад іхнімі вокнамі. Вось павалены крыж над адным, які шалеў ад тлушчу, а вось паміраючы дзіцёнак. Вякамі ішла гэтая мяжа паміж аднымі і другімі — і вось канец, лагічнае завяршэнне: адзічэнне, цемра ва ўсёй дзяржаве, тупы жах, голад, вар'яцтва. І ўся Беларусь — адзінае поле смерці, над якім вые вецер, гной пад нагамі тлустай, задаволенай усім худобы.

Не памоляцца над табою лёзныя людзі, Раман Стары. Плюне кожны на твой пахілы крыж. І дай Божа мне сілы выратаваць апошнюю з твайго роду, якая ні ў чым не вінаватая перад няўмольнай праўдай мачыхі нашай, беларускай гісторыі.

Няўжо такі забіты, няўжо такі мёртвы мой народ?

…Мне давялося хвілін сорак прадзірацца праз невысокі, вельмі вільготны лясок за Волатавай прорвай, пакуль я не выбіўся на сцежку, зарослую і вузкую. Паабапал яе стаялі амаль абляцелыя асіны. Сярод іх чырвонага масіву плямамі выдзяляліся жоўтыя бярозы і амаль зялёныя яшчэ дубы. Сцежка спусцілася ў яр, дзе бег ручай з карычневай, як густы чай, вадою. Берагі ручаіны былі зялёнымі і мяккімі ад імхоў, і такія самыя зялёныя масты з бураломных дрэў злучалі іх. Па бураломінах ручай і пераходзілі, бо на некаторых мох быў здзёрты.

Глуха і бязлюдна было тут. Зрэдку цінькала ў верхавінах дрэў маленькая птушка, ды яшчэ самотныя лісцікі падалі і павісалі на павуціне паміж дрэў.

|< Пред. 135 136 137 138 139 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]