Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 138 из 253

Вада ручаіны несла сумныя жоўтыя і чырвоныя чоўнікі лісцяў, а ў адным месцы, дзе быў вір, лісце круцілася ў вечным танцы, быццам там вадзянік варыў з яго суп на вячэру. Каб перайсці цераз ручай, мне давялося зламаць на падпорку даволі тоўстую, але зусім сухую асінку, зламаць адным ударам нагі.

За ярам лес зрабіўся зусім густым. Сцежка знікала ў непралазным гушчары, яе акружалі джунглі з малінніку, сухой крапівы, ажыны, дудніку і іншай дрэні. Хмель бег на дрэвы, як зялёнае полымя, абкручваў іх, выдзіраўся на волю і цэлымі снапамі звісаў, чапляючы мяне за галаву. Хутка з'явіліся першыя адзнакі жыцця: кусты здзічэлага бэзу сярод дрэў, прамакутнікі лепш угноенай зямлі (былыя курціны), спадарожнік чалавека — вялізны дзядоўнік. Хутка бэз стаў такім густым, што не пралезеш. Я ледзь выдзерся з яго на маленькую галявіну, на якой стаяў надзейна схаваны дом. На каменным высокім падмурку, з каменным ганкам і драўлянымі калонамі, якія за памяці дзядоў былі, напэўна, пафарбаваныя ў белы колер, ён нахіліўся на мяне, як смяротна паранены, які вось-вось упадзе. Перакошаныя ліштвы, абадраная ашалёўка, шыбы, вясёлкавыя ад старасці. На парадным ганку паміж прыступкамі выраслі лопухі, ваўчкі, магутны скрыпень, які амаль закрываў дзверы. А да чорных дзвярэй праз калюжу былі пакладзены дзве цагліны. Дах быў зялёны, тоўсты ад тлустых пушыстых імхоў. У шэрае акенца ўнутранасць хаты здавалася панурай і занядбанай. Словам, хатка на курыных ножках. Не хапала толькі бабы-ягі, якая ляжала б на дзевятай цагліне і казала: «Фу-фу, чалавечым духам тхне!»

Але хутка з'явілася і яна.

|< Пред. 136 137 138 139 140 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]