Страница:
139 из 253
У акно на мяне глядзеў твар жанчыны, такі сухі, што здаваўся чэрапам, абцягнутым жоўтай скурай. Сівыя патлы валасоў падалі на плечы. Пасля з'явілася рука, якая ківала мне сухім, як курыная костка, пальцам.
Я стаяў знадворку, не ведаючы, да мяне ці да каго іншага звернуты гэты зварушлівы прызыў.
Пасля адчыніліся дзверы, і на двор высунулася тая самая галава.
— Сюды, літасцівы пан Грыгор, — сказала галава. — Тут забіваюць няшчасных ахвяр.
Не скажу, каб пасля такога суцяшальнага запэўнення мне палка захацелася зайсці ў гэты дом, але старая сышла з прыступкі і працягнула мне над лужынаю руку.
— Я даўно чакала вас, мужны збаўца. Справа ў тым, што мой раб Рыгор выявіўся душыцелем накшталт Сіняй Барады. Вы памятаеце, мы чыталі з вамі пра Жыля Сінюю Бараду. Такі гжэчны, галантны кавалер. Я б даравала Рыгору, каб ён забіваў так галантна, але ён хлоп. Што зробіш?
Я пайшоў за ёю. У перадпакоі ляжалі на падлозе кажух, побач з ім сядло, віселі на сцяне бізун і некалькі закарэлых лісіных шкур. Акрамя таго, тут стаяў трохногі зэдлік і ляжаў бокам партрэт нейкага мужчыны, брудны і прадзёрты наўскос. А ў наступным пакоі быў такі гармідар, як быццам тут змяшчаўся чатырыста год таму філіял Грунвальдскай бітвы і з тых часоў тут больш не змяталі пылі і не мылі шыб. Стол з ножкамі ў выглядзе антычных гермаў быў пастаўлены коса, ля яго крэслы, падобныя на ветэранаў вайны, бязногіх і ледзь дыхаючых. Шафа ля сцяны нахілілася і пагражала ўпасці камусь на галаву.
|< Пред. 137 138 139 140 141 След. >|