Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 140 из 253

Лядзвярэй стаяў на падлозе вялікі бюст Вальтэра, вельмі падобнага на гаспадыню, і какетліва на мяне паглядаў з-пад анучы, якая замест лаўраў вянчала ягоную галаву. У адным кутку прыткнулася трумо, запэцканае нечым вельмі падобным на птушыны памёт. Апрача таго, верхняя палова трумо была пакрыта шарам пылу, затое з ніжняй паловы пыл быў старанна сцёрты. Чарапкі пасуды, скарынкі хлеба, косткі рыбы пакрывалі падлогу. Усё гэта было, як у гняздзе птушкі-зімародка, дно якога выслана рыбнай лускою. І сама гаспадыня нагадвала зімародка, гэту змрочную і дзівосную птушку, якая любіць самоту.

Яна павярнулася да мяне, я пабачыў зноў яе твар, на якім нос павіс амаль да падбародка, і рот з вялікімі зубамі. Зубы здаваліся асабліва вялікімі, бо былі адкрыты разам з дзяснамі, як быццам на твары не хапіла скуры на тое, каб прыкрыць рот.

— Рыцар, чаму б вам не сцерці гэты пыл, з верхняй паловы трумо? Я хацела б бачыць сябе ва ўвесь рост. Ва ўсёй прыгажосці.

Я толькі хацеў было выканаць гэта, як яна раптам сказала:

— А вы вельмі падобны да майго нябожчыка мужа. Ух, які гэта быў чалавек! Ён жыўцом узнёсся на неба, першы з людзей пасля Іллі-прарока. А Раман жывым трапіў у апраметную. Гэта ўсё злы геній яноўскага наваколля — дзікае паляванне караля Стаха. З таго дня я пакінула прыбіраць у гэтым доме на знак сваёй жалобы.

|< Пред. 138 139 140 141 142 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]