Страница:
150 из 253
—Законная наследніца ёсць.
І тут здарылася жахлівае і агіднае. Жанчына выцягнула галаву, шыя яе зрабілася доўгай-доўгай, і, наблізіўшы да мяне твар, свісцячым шэптам сказала:
— Дык, можа… можа, яна хутка памерла б.
Твар яе аж прасвятлеў ад такога спадзявання.
— Памерла б, і ўсё. Яна ж слабая, спіць дрэнна, крыві ў жылах амаль няма, кашляе. Што ёй варта? Споўніцца праклён. Нашто каб палац пану Гарабурдзе, калі тут магла б жыць я. Ёй што, адмучыцца — і садухі. А я б…
Баюся, што я змяніўся ў твары, стаў страшны, бо яна адразу ўцягнула галаву ў плечы.
— На падлу ляціш, варона? — спытаў я. — А тут не падла, тут жывы чалавек. Тут такі чалавек, падэшвы якога ты не варта, які большае права мае жыць на зямлі, ніж ты, ступа дурная.
— Б-бацюхна… — блекатала яна.
— Маўчы, ведзьма! І ты яе ў магілу звесці хочаш? Усе вы тут такія, аспіды драпежныя! Усе вы за грошы забіць чалавека гатовыя! Усе вы павукі. Усе вы маці роднай за сінюю паперку не пашкадуеце. А ты ведаеш, што такое жыццё, што так лёгка пра смерць другога чалавека кажаш? Не перад табой бы перлы сыпаць, але ты выслухай, ты ж жадаеш, каб яна сонца жывое, радасць, добрых людзей, доўгія гады, якія яе чакаюць, на рабакоў падземных змяніла, каб табе на грошах спаць, з-за якіх сюды дзікае паляванне прыходзіць.
|< Пред. 148 149 150 151 152 След. >|