Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 149 из 253

Не ведала я, ды, дзякуй добрым людзям, навучылі розуму, сказалі, што павінны тут недзе быць дакументы. Узяў суддзя павятовы дзесяць чырвоненькіх, але ж і параду даў добрую. Давайце аркуш.

— Не дапаможа, — сказаў я. — Гэта ж не дакумент. Тут суд шляхецтва не вызначае. Я пра гэтую праверку дробнай шляхты добра ведаю. Каб ваш бацька меў дакументы на права субстытуцыі пасля Яноўскіх — іншая справа. Але ён іх не падаў — значыцца, не меў.

Твар ахмістрыні выразіў пакутлівае імкненне дадумацца да такіх складаных рэчаў. Пасля вусны яе паехалі наперад, і яна спытала недаверліва:

— А можа, Яноўскія іх падкупілі? Кручкам гэтым толькі дай грошы! Я ведаю! І адабралі ў майго бацькі дакументы і тут схавалі.

— А дваццаць год судзіцца вы можаце?

— Я, бацюхна, да таго часу, напэўна, пайду Пану Богу порткі лугаваць.

— Ну, вось бачыце. І дакументаў няма. Усё ж перарылі.

— Усё, бацюхна, усё. Але ж свайго шкада.

— Ды гэта ж толькі няпэўныя звесткі.

— Але ж сваё, свае грошыкі, чырвоненькія, сіненькія.

— І гэта вельмі нядобра, капацца ўначы ў чужых паперах.

— Бацюхна, свае ж грошыкі, — сквапна і тупа зудзела яна.

— Іх вам не адсудзяць, нават калі б дакументы былі. Гэта маярат Яноўскіх на працягу трох стагоддзяў ці нават больш.

— Дык сваё ж, бацюхна, — ледзь не плакала яна, і твар яе стаў сквапным да агіднасці. — Я б іх, даражэнькіх, зараз у шкарпэтку. Грошы б ела, на грошах спала.

— Дакументаў няма, — губляў я цярпенне.

|< Пред. 147 148 149 150 151 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]