Страница:
168 из 253
Ці доўгі час я так ляжаў, ці не— не скажу. Хмары, даходзячы да мяне, рабіліся радзей, але на даляглядзе грувасціліся новыя.
Дзіўны гук уразіў мой слых: недзе далёка і, як мне здалося, у правым баку ад мяне спяваў паляўнічы рог. І хоць я ведаў, што ён гучыць у баку ад шляху дзікага палявання, я мімаволі стаў часцей пазіраць у той край. Непакоіла мяне яшчэ і тое, што на балотах пачалі з'яўляцца там-сям белыя лапікі туманоў. Але тым справа і скончылася. Раптам другі гук даляцеў да мяне, недзе шастаў сухі верас. Я глянуў у той бок, пачаў углядацца да болю ў вачах і нарэшце заўважыў на фоне чорнай істужкі далёкіх лясоў рух нейкіх плям.
Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а калі адкрыў іх, пабачыў, што проста перада мною і зусім недалёка вымалёўваюцца на раўніне туманныя сілуэты коннікаў. Зноў, як у той раз, бязгучна ляцелі яны перада мною страшэннымі скачкамі проста ў паветры. І поўнае маўчанне, быццам я аглух, вісела над імі. Вострыя шлыкі, валасы і плашчы, якія луналі ў паветры, дзіды — усё гэта адбілася ў маёй памяці. Я пачаў паўзці бліжэй да цаглянага падмурка агароджы. Паляванне разгарнулася, пасля сабралася ў натоўп, бязладны і імклівы, і пачало заварочваць. Я дастаў з кішэні рэвальвер.
Іх было мала, іх было менш, як заўсёды, — коннікаў восем. Куды ж ты падзеў астатніх, кароль Стах? Куды яшчэ даслаў?
Я паклаў рэвальвер на сагнуты локаць левай рукі і стрэліў. Я добры стралок і трапляў у цэль нават амаль у поўнай цемры, але тут здарылася дзіўнае: коннікі скакалі далей.
|< Пред. 166 167 168 169 170 След. >|