Страница:
170 из 253
Неймаверным выкрутам я павярнуўся наспіну, паддаў рукою цяжкі жывот невядомага і сукуў яго каленам, маім вострым і жорсткім каленам, у прычыннае месца. Ён інстынктыўна падаўся на мяне тварам і грудзьмі, і тады я, сабраўшы апошнія сілы, каленам і рукамі, выцягнутымі далей ад галавы, паддаў яго ў паветра. Гэта, напэўна, атрымалася нават занадта моцна: ён пераляцеў цераз галаву, зрабіў паўкруг у паветры і гэпнуўся ўсім цяжкім — ох, якім цяжкім! — целам аб зямлю. Адначасова я страціў прытомнасць.
…Калі я ачуняў, я адразу пачуў, што недзе за маёй галавою хтось стогне. Ён не мог яшчэ ўзняцца, а я з вялікім намаганнем ужо спрабаваў стаць на ногі. Я вырашыў сунуць яго нагою пад сэрца, пазбавіць дыхання, але пакуль што ўгледзеўся ў балота, дзе знікла дзікае паляванне. І раптам пачуў вельмі знаёмы голас таго, хто крахтаў:
— Ах, чорт, які гэта тут ёлуп! Якая падла! Балеснічкі нашы святыя!
Я зарагатаў. Той самы голас адазваўся:
— Гэта вы, пане Беларэцкі! Наўрад ці з гэтага дня я змагу быць жаданым госцем у жанчын. Во-ох! Ах, каб вас, каб! Крычалі б, што гэта вы. Чаго паўзлі ад агароджы?! Толькі ў памылку ўвялі. А гэтыя чэрці зараз унь дзе, каб вас ліха… прабачце.
— Пане Дубатоўк! — зарагатаў я з палёгкаю.
— Каб вас, пан Беларэцкі, халера ўхапіла… во-ох… прабачце. — Вялізны цень сеў, трымаючыся за жывот. — А гэта я пільнаваў. Занепакоіўся. Дайшлі да мяне чуткі, што дрэннае нешта робіцца з маёй доняй.
|< Пред. 168 169 170 171 172 След. >|