Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 169 из 253

Я прыкмеціў задняга — высокага прывіднага мужчыну, — стрэліў: хоць бы хто пахіснуўся.

Але дзікае паляванне, як быццам жадаючы даказаць мне сваю прывіднасць, развярнулася і скакала бокам да мяне, недасяжнае для маіх стрэлаў. Я пачаў адпаўзаць задам да хмызоў і толькі паспеў наблізіцца да іх, як хтосьці скокнуў на мяне з-за хмызоў і жахлівым цяжарам прыціснуў да зямлі. Апошняе паветра вырвалася з маіх грудзей, я нават вохнуў. І адразу зразумеў, што гэта чалавек, з якім мне не выпадае цягацца па вазе і сіле. А ён спрабаваў круціць мне назад рукі і свісцячым шэптам сіпеў:

— С-стой, ч-чорт, ч-чакай… Не ўц-цячэш, бан-дзюк, заб-бойца… Тр-рымайся, няўдалы…

Я зразумеў, што, калі не ўжыву ўвесь свой спрыт, я загіну. Памятаю толькі, што з жалем сачыў за прывідным паляваннем, у якое я страляў і якому ані на волас не пашкодзіў. У наступны момант я, адчуваючы, што рука яго крадзецца да маёй глоткі, старажытным прыёмам падбіў яго руку, і нешта цёплае палілося на мой твар: ён уласнай рукою разбіў сабе нос. Пасля гэтага я, схапіўшы яго руку, пакаціўся па зямлі, заламіўшы яе пад сябе. Ён войкнуў, і я зразумеў, што і наступны мой ход меў поспех. Але адразу за тым я атрымаў такі ўдар між броваў, што балоты закруціліся перада мною. Шчасце, што я інстынктыўна паспеў напружыць мускулы жывата, і апошні ўдар, пад дыхала, не ўчыніў мне шкоды. Рукі, валасатыя, навобмацак, цягнуліся ўжо да маёй глоткі, калі я прыпомніў параду майго дзеда супраць мацнейшага праціўніка.

|< Пред. 167 168 169 170 171 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]