Страница:
171 из 253
В-ох! І ты таксама вартаваў? А каб цябе пярун шаснуў на божае нараджэнне!…
Я падняў з зямлі рэвальвер.
— І чаго вы так на мяне, пане Дубатоўк?
— А чорт яго ведае! Паўзе нейкая гліста, дык я вось і схапіў. Балеснічкі нашы! Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым, як жа ж ты, падла, балюча б'ешся.
Выявілася, што дзед і без нашых папярэджанняў даведаўся пра наведванні дзікага палявання і вырашыў падпільнаваць яго, «калі маладыя ўжо такія захэканцы і бабздыры, што не могуць абараніць жанчыны». Канец гэтай прыкрай сустрэчы вы ўжо назіралі. Ледзь стрымліваючы рогат, які мог здацца непачцівым, я пасадзіў стогнучага Дубатоўка на яго дрэннага коніка, які чакаў непадалёк. Ён узлез на яго, стогнучы і кленучы свет, сеў бокам, буркнуў нешта накшталт «д'ябал пацягнуў са зданямі змагацца — нарваўся на дурня з вострымі каленямі» і паехаў.
Ягоны прыгнечаны твар, уся яго скасавураная постаць былі такія жаласныя, што я ледзь не пырскаў. А пасля ён паехаў у напрамку да сваёй хаты, стогнучы і праклінаючы ўсіх маіх сваякоў да дваццатага калена.
Ён знік у цемры, і тут невытлумачальная трывога кальнула ў маё сэрца. Гэта ў падсвядомасці варушылася нейкая жахлівая думка, рыхтуючыся з'явіцца на свет божы. «Рукі?» Не, я так і не мог прыпамятаць, чаму хвалюе мяне гэта слова. Тут было нешта другое… Ага, чаму іх так мала? Чаму толькі восем прывідных коннікаў з'явілася сёння ля паваленай агароджы? Куды падзеліся астатнія? І раптам дзікая трывожная думка выплыла проста на язык: «Свеціловіч.
|< Пред. 169 170 171 172 173 След. >|