Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 173 из 253

Туманныя, амаль не заўважаныя мной, праплывалі міма самотныя яліны і верас; у грудзях балюча пякло; свядомасць амаль не працавала. Пад канец я лічыў крокі машынальна. Я так стаміўся, што з радасцю лёг бы на зямлю або хоць павялічыў колькасць такіх спакойных і прыемных крокаў на два. Але я сумленна змагаўся са спакусаю.

Так я прыбег да Свеціловічавай хаціны, маленькага пабеленага будыначка ў чэзлым садзіку. Проста па пустых градах, душачы там-сям апошнія капусныя качаны, я памчаў да ганка, упрыгожанага чатырма драўлянымі калонамі, і пачаў барабаніць у дзверы. Спакойны агеньчык у крайнім акне замігцеў, пасля старэчы голас спытаў з-за дзвярэй:

— Каго гэта тут носіць?

Гэта быў стары дзед, былы «дзядзька», які жыў разам са Свеціловічам.

— Адчыні, Кандрат. Гэта я, Беларэцкі.

— А Божа ж мой! А што здарылася? Чаго так захэкаліся?

Дзверы адчыніліся. Кандрат у доўгай кашулі і валёнках стаяў перада мною, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, а ў другой — свечку.

— Пан дома? — ліхаманкава спытаў я.

— Н-няма, — спакойна адказаў ён.

— А куды пайшоў?

— А скуль мне ведаць? Хіба ён дзіцёнак, пане, каб казаць, куды ідзе.

— Вядзі ў пакой, — грымнуў я, знерваваны гэтай халоднай непарушальнасцю.

— Нашто?

— Можа, ён пакінуў нейкую запіску.

Мы ўвайшлі ў пакой Свеціловіча. Аскетычны ложак пад шэрай коўдраю, вымытая да жаўцізны і нацёртая воскам падлога, кілім на ёй. На простым сасновым стале некалькі тоўстых кніг, паперы, раскіданыя пер'і.

|< Пред. 171 172 173 174 175 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]