Страница:
185 из 253
Ад Рыгора я даведаўся, штояго знаёмыя шукаюць у пушчы, што ён сам добра абшукаў месца забойства і даведаўся, што чакаў Свеціловіча худы высокі чалавек, які скурыў пад хвоямі, чакаючы, папяросу.
Акрамя таго, ён, адшукаў папяровы клак, які вылецеў са стрэльбы забойцы, а таксама кулю, якой быў забіты мой друг. Калі я разгарнуў клак, пераканаўся, што гэта кавалак паперы, занадта моцнай для газеты: хутчэй за ўсё ўрывак ад аркуша нейкага часопіса.
Я заўважыў словы: «За кожным з іх ёсць нейкая правіна, калі іх вядуць на страту… Ваша сіяцельства, вы забылі пра страчанага на крыжы… Прабачце, Бог адняў у мяне розум…»
Чымсьці вельмі знаёмым павеяла на мяне ад гэтых слоў. Дзе я мог чытаць нешта падобнае?! І раптам я ўспомніў: гэта была надзіва смелая водпаведзь доктара Гааза, здаецца, Мураўёву, пасля якой нават гэты шалёны бульдог адчуў сябе ніякавата. Гааз пратэставаў супраць частых пакаранняў смерцю ў Вільне. Мураўёў рэзка абарваў яго, заўважыўшы, што калі чалавека вядуць на страту, дык за ім абавязкова павінна быць нейкая правіна. Тут Гааз сказаў свае словы пра Хрыста, і нават Мураўёў трохі засаромеўся, калі наогул такое пачуццё зразумелае несусветным мярзотнікам. Я нават прыпомніў, дзе я чытаў пра гэта: у часопісе «Паўночна-Заходняя старасветчына». Калі я спытаў у Яноўскай, хто яго выпісвае тут, яна абыякава адказала, што акрамя іх — ніхто. І вось тут мяне чакаў удар: у бібліятэцы я высветліў, што ў гэтым нумары часопіса не хапае некалькіх старонак і, між іншым, патрэбнай мне.
|< Пред. 183 184 185 186 187 След. >|