Страница:
186 из 253
Я аж пахаладзеў: справа выяўлялася больш сур'ёзнай, натхніцель дзікага палявання быў тут, у палацы. І хто гэта быў? Не я, і не Яноўская, і не дурная ахмістрыня, якая кожны дзень плакала, пабачыўшы гаспадыню, і, відаць было, раскайвалася ва ўсім. Значыцца, толькі Берман-Гацэвіч.
Гэта было цалкам лагічна: ён — былы злачынец, ён — абазнаны ў гісторыі чалавек. Магчыма, гэта ён страляў у мяне, забіў Свеціловіча і выдраў аркуш з часопіса. Незразумела было толькі, чаму ён пераконваў мяне ў тым, што сур'ёзная небяспека менавіта ў дзікім паляванні, а не ў Малым Чалавеку? І яшчэ ў тым, што ён не мог забіць Рамана, бо не ён запрасіў Надзею да Кульшаў і быў дома пад час забойства. Але хіба Свеціловіч у апошні дзень не казаў, што гэта блізкі чалавек, які быў на бале ў Яноўскіх? Хіба ён не казаў, што на яго нельга нават падумаць?І ён жа ж так спалохаўся, калі я зайшоў да яго, гэты Берман! І хіба ён не мог быць проста натхняльнікам гэтай мярзоты? Праўда, невядома ў гэтым выпадку, як можна растлумачыць існаванне Блакітнай Жанчыны? Але гэта наогул самы цёмны факт з усёй гэтай гісторыі.
І, галоўнае, незразумела было, якая Берману ў гэтым выгада?
Але такі вырадак пекла можа нешта прыдумаць. Я ўзяў у Яноўскай асабісты архіў Рамана і прагледзеў матэрыялы яго апошніх дзён. Нічога суцяшальнага, хіба толькі запіс, што Берман пачынае яму не падабацца, знікае кудысь з хаты, занадта цікавіцца генеалогіяй Яноўскіх, разглядае старыя планы палаца.
|< Пред. 184 185 186 187 188 След. >|