Страница:
187 из 253
Гэта быў ужо знамянальны факт! Чаму невыказаць меркаванне, што і ў з'яўленні Малога Чалавека, праўдзівей казаць, яго крокаў, вінен таксама Берман. Мог жа ж ён адкапаць старыя планы, скарыстацца нейкай акустычнай таямніцай палаца і кожную ноч пужаць людзей крокамі.
Я паразмаўляў з Рыгорам, і той сказаў, што гэта цалкам магчыма, абяцаў нават дапамагчы, бо ягоныя дзядзька і дзед былі мулярамі Яноўскіх яшчэ пры прыгоне.
— Хаваецца недзе тут, зладзюга, але хто ён, дзе хады ў сценах, як ён трапляе туды — невядома, — буркнуў Рыгор. — Нічога, адшукаем. Знойдзем. Толькі вы вельмі сцеражыцеся. Толькі і бачыў я на сваім вяку, што двух людзяных паноў, дык адзін ужо загінуў. Шкада будзе, калі і з табою што здарыцца. Тады і ўся гэта ваша паскудная парода не мае права хлеб харчыць і паветра псаваць.
Бермана вырашылі пакуль што не выдаляць, каб не спудзіць перадчасна.
Пасля гэтага я ўзяўся за дакладны аналіз ліста невядомага да Свеціловіча. Я перапэцкаў дванаццаць аркушаў паперы, пакуль не аднавіў крыху тэкст ліста.
«Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем караля Стаха і тым, што Надзеі Раманаўне пагражае небяспека: (далей нічога не атрымлівалася) …мая до… (зноў вялікі пропуск) …пакутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім. Ён згодзен са мною і пайшоў у павет… Дрыкганты — галоўныя ка… Калі атрымаеш ліст — адразу прыходзь да… ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць… ічкіна… што гэта коіцца на зя… Прыходзь неадменна.
|< Пред. 185 186 187 188 189 След. >|