Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 194 из 253

Ён быў цалкам задаволены, гэты нашчадак Шамякі, задаволены тым, што чыніць суд і расправу ў павеце.

Я зразумеў, што, калі я не наступлю яму на мазоль, я загінуў. Таму я прысунуў да сябе крэсла і сеў на яго верхам.

— Мне здаецца, што ў яноўскім наваколлі трохі забыліся на далікатнасць. Таму я сяду сам.

Пракурор, ветлівы малады чалавек з сінякамі пад вачыма, як быццам ад ганебнай хваробы, суха сказаў:

— Пра далікатнасць пану трэба моўчаць. Вы з'явіліся сюды і адразу парушылі спокуй мірных абыватэляў. Скандалы, збуйства, спроба завязаць дуэлю са смяротным канцом на бале ў шаноўнай пані Яноскей. І, да таго ж, палічылі за годнае пабіць паліцэйскега чына пры выкананні службовых абовёнзкув. Чужак, а лезеце ў наша жыце…

Халоднае шаленства заварушылася ў мяне недзе пад сэрцам.

— Брудныя жарты ў хаце, у гаспадара якой ясі, трэба караць не бізуном па твары, а сумленнай куляю. Ён абражае гонар людзей, якія бездапаможныя перад ім, не могуць адказаць. Суд павінен займацца менавіта такімі справамі, змагацца за справядлівасць. Вы кажаце пра мірных абывацеляў. Чаму ж вы не звяртаеце ўвагі на тое, як гэтых мірных абывацеляў забіваюць невядомыя злачынцы. Вашу акругу тэрарызуюць, а вы седзіцё тут са сваімі ўваходзячымі і сыходзячымі… Ганьба!

— Размова пра забойства гасударственава праступніка, а аднака абыватэля і шляхціца Свеціловіча будзе весціся не з вамі, — зарыпеў суддзя. — Расейскі суд не акказвает нікаму ў абароне, дажэ праступнікам. Аднака дзела ідзе не пра тое.

|< Пред. 192 193 194 195 196 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]