Страница:
195 из 253
Вы ведаеце, што за скарбленіе прыстава мы можам… вас прысудзіць да дзвюх нядзель увязнення ілі штрафу і, как казалі продкі, баніцыі за прадзелы яноўскага наваколля.
Я раззлаваўся:
— Вы можаце зрабіць гэта сілаю. Але я знайду на вас управу ў губерні. Вы пакрываеце забойцаў, ваш прыстаў ганьбіў законы імперыі, казаў, што забойствам шляхціца Свеціловіча вы не намераны займацца!
Твар суддзі пакрыўся апаплексічнай малінавай чырванню. Ён выцягнуў шыю, як гусак, і прасіпеў:
— А свідзецялі этава разгавора, шаноўны пане Беларэцкі, у вас ёсць? Сведкі? Сведачкі? Дзе яны?
Адвакат, як дастойны прадстаўнік прыміраючага начала ў расейскім судзе, чароўна пасміхнуўся:
— Натуральна, пану Беларэцкаму нету светкі. І наогул, гэта ест глюпства: прыстаў не смог такое сказаць. Пан Беларэцкі сабе гэта проста ўявіць, апанента словы ён не схапіць.
Ён кінуў у рот манпансье, якое дастаў з бамбаньеркі, пачамкаў губамі і ціха дабавіў:
— Нам, дваранам, становішча ад пан Беларэцкі ест асабліва зразумелай. Мы не хочам вам непрыемна рабіць. Няхай вас ціха і мірна адсюль з'ехаць. Тады ўсё тут, як казаць, абразуецца, і мы справу замінаць будзем… Нун, гут?
Для мяне гэта было самым разумным выхадам, але тут мне да памяці прыйшла Яноўская.
«Што будзе з ёю? Для яе гэта можа скончыцца смерцю або вар'яцтвам. Я паеду, а яе, дурненькую, толькі лянотны не пакрыўдзіць».
|< Пред. 193 194 195 196 197 След. >|