Страница:
193 из 253
Тут я вельмі здзівіўся: верхняе павека засталося нерухомым, а ніжняе закрыла ўсё вока, як у жабы. Я назваў сябе.
— Вы з'явіліся? — здзівіўся чалавек-жаба. — А мы…
— А вы думалі, — працягнуў я, — што я не з'яўлюся ў суд, ад'еду адсюль, уцяку. Вядзіце мяне да вашага суддзі.
Пратакаліст вылез з-за канторкі і патопаў перада мною ў глыб гэтага дымнага пекла.
У наступным пакоі за вялікім сталом сядзелі тры чалавекі ў сурдутах, зашмальцаваных да таго, што нагадвалі стары мультан.
Твары павярнуліся да мяне, і я заўважыў у вачах аднолькавы выраз хцівасці, здзіўлення перад тым, што я ўсё ж з'явіўся, і нахабства.
Гэта былі суддзя, пракурор і адвакат, адзін з тых «аблакатаў», што абдзіралі кліентаў як ліпку, а пасля здраджвалі. Галодны, хцівы і прадажны судовы кручок з галавою, падобнай на агурок.
І наогул гэта былі не бацькі і не дзеці судовай рэформы, а хутчэй пад'ячыя дапятроўскіх часоў.
— Пан Беларэцкі, — мятым голасам прагаварыў суддзя, — мы ажыдалі вас. Очань прыемна… Мы паважаем людзей са сталічным бляскам. — І ён, не запрашаючы мяне сесці, утаропіўся ў нейкую паперку. — Вы, навернае, ведаеце, што зрабілі что-та падобнае да крыміналу, кагда пабілі прыстава за какой-та нявінны жарт? Гэта — дзействіе ўгалоўна наказуемае, іба какурат супярэчыць норавам нашага наваколля, а такжа і зводам законаў імперыі Расейскай.
І ён паглядзеў на мяне праз акуляры з вельмі ганарлівым выглядам.
|< Пред. 191 192 193 194 195 След. >|