Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 192 из 253

Гэта быў плоскі, як праснак, гарадок, горшы за самае дрэннае мястэчка, і аддзялялі яго ад яноўскага наваколля толькі вёрст васемнаццаць — дваццаць чэзлых лясоў. Конь мой цокаў капытамі па брудных вуліцах, вакол былі замест хат нейкія куратнікі, і адзіным, што адрознівала гэта ад вёскі, былі паласатыя будкі, ля якіх стаялі вусатыя цэрберы ў латаных мундзірах, ды яшчэ дзве-тры каменныя крамы на высокіх арках. Худыя яўрэйскія козы іранічнымі вачыма глядзелі на мяне з гнілых стрэх.

Затое трохі далей узвышаліся магутныя замшэлыя муры даўняй уніяцкай царквы з дзвюма вялізнымі стральчастымі вежамі над чатырохкутнікам змрочнай каменнай плебаніі.

І над усім гэтым вісела такая самая, як і паўсюль, брыдота запусцення: на дахах, паміж рабрыстых лат, раслі даволі вялікія бярозкі.

На галоўнай плошчы бруд быў па калена, перад абшарпаным шэрым будынкам павятовага суда, амаль на ганку, ляжала штук шэсць свіней, якія дрыжалі ад холаду і часам рабілі дарэмныя спробы падлезці пад сябровак, каб сагрэцца. Гэта кожны раз суправаджалася эксцэсамі ў выглядзе пакрыўджанага рохкання.

Я прывязаў каня да канавязі і падняўся па рыпучых прыступках у калідор, дзе кісла пахла папяровым пылам, чарнілам і мышамі. Дзверы ў канцылярыю, абабітыя пашарпанай цыратай, ледзь адарваў, так яны набраклі. Увайшоў і спачатку нічога не разгледзеў: такое скупое, у тытунёвым дыме, святло прабівалася праз вузкія маленькія вокны. Лысы скурчаны чалавечак, у якога ззаду з прарэхі выбіваўся хвосцік кашулі, узвёў на мяне вочы і лыпнуў імі.

|< Пред. 190 191 192 193 194 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]