Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 197 из 253



Але я ўжо амаль крычаў:

— Ён заступіцца!

Думаецца мне, што яны трохі завагаліся. Суддзя зноў выцягнуў шыю і… усё ж шапнуў:

— А ці будзет прыятна гасудару, што член такога паважнага обшчаства знюхался з гасударственнымі праступнікамі? Многія паважныя дзедзіцы пажалуюцца на гэта таму самаму гасудару.

Яны абклалі мяне, як харты. Я сеў паклаў нагу на нагу, склаў рукі на грудзях і сказаў спакойна (я быў надта, надта спакойны, такі спакойны, хоць тапіся):

— А вы не ведаеце тутэйшых сялян? Яны, так бы мовіць, пакуль што шчырыя манархісты. І я абяцаю вам, калі вы толькі выганіце мяне адсюль — я пайду да іх.

Яны аж пазелянелі.

— Зрэшты, я думаю, што да гэтага справа не дойдзе. Вось ліст ад асобы самога губернатара, дзе ён прапануе мясцовым уладам падтрымліваць мяне. А вы ведаеце, што бывае за непаслушэнства такім загадам?

Пярун над вухам не так бы ўразіў гэту публіку, як звычайны аркуш паперы са знаёмым подпісам. А я, вельмі нагадваючы генерала на падаўленні бунту, павольна цадзіў, адчуваючы, што мая справа паляпшаецца:

— Вы што, паляцець з пасады пажадалі?! Я зраблю гэта! А за патуранне дзікім учынкам нейкіх вылюдкаў вы таксама адкажаце!

Вочы ў суддзі забегалі.

«Ну што ж, — вырашыў я, — хоць які сказ — адзін адказ».

Я паказаў астатнім на дзверы. Яны пахапцам выйшлі з пакоя. Я добра бачыў у вачах суддзі боязь, як у зацкаванага тхара, бачыў і яшчэ нешта прыхаванае, злоснае.

|< Пред. 195 196 197 198 199 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]