Страница:
199 из 253
— І такой агідзе падпадаюць пад час суда людзі! Бедныя мужыкі!
…Я ехаў падарозе праз лес і меркаваў аб усім, што здарылася. Гэта было зараз больш-менш лёгка, усё, здаецца, ставала на месцы. Вядома, натхніцель палявання не Дубатоўк: якая яму выгада, ён не спадчыннік Яноўскай. І не ахмістрыня. І не няшчасная вар'ятка ў сядзібе Кульшаў. Я перабраў усіх, нават тых, на каго нельга было і падумаць, бо стаў вельмі недаверлівы. Злачынец малады, яму карысная або смерць Яноўскай,або шлюб з ёй. Значыцца, ён мае нейкае права на спадчыну. Гэты чалавек, як падазраваў Свеціловіч, быў на бале ў Яноўскіх, ён неяк уплываў на Кульшу.
Толькі два чалавекі адпавядалі ўсяму гэтаму: Варона і Берман. Але чаму Варона так па-дурному трымаў сябе са мною? Не, хутчэй за ўсё гэта Берман. Ён ведае гісторыю, ён мог натхняць нейкіх бандзюкоў на гэта. Трэба толькі даведацца, якая яму карысць ад смерці Яноўскай.
Але хто такія Малы Чалавек і Блакітная Жанчына Балотных Ялін? Галава мая круцілася, і ўвесь час стаяла ў ёй тое самае слова. «Рука…» «Рука…» Чаму рука? Вось-вось прыпомню… Не, зноў адляцела. Ат, цёмная душа… Ну што ж, трэба шукаць дрыкгантаў і ўвесь гэты маскарад. І хутчэй.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
У той вечар з'явіўся Рыгор, увесь перапэцканы брудам, потны і стомлены. Пахмура сядзеў на пяньку перад палацам.
— Схованка ў лесе, — буркнуў нарэшце. — Сёння я даведаўся, што акрамя той сцежкі, дзе я тады вартаваў, ёсць другая, з поўдня. Толькі яна на локаць пад тванню. Я зайшоў у самую пушчу, але тут нарваўся на непраходную межытоку.
|< Пред. 197 198 199 200 201 След. >|