Страница:
212 из 253
Таму я праз ахмістрыню выклікаў яе ў ніжнюю залу, дзе Рыгор змрочна глядзеў на святога Юрыя, такі самы магутны і высокі, як статуя. Яноўская выйшла, і Рыгор сарамліва падцягнуў пад крэсла ногі, бо натаптаў на падлозе. Але голас яго па-ранейшаму быў грубы, калі ён звяртаўся да яе, толькі ў глыбіні нешта непрыкметна дрыжала.
— Слухайце, ясная пані. Мы знайшлі караля Стаха. Гэта Варона. Дайце мне пару стрэльбаў. Заўтра мы скончым з імі.
— Дарэчы, — перабіў я, — я памыліўся тады. Я пытаўся ў вас, ці не ведаеце вы чалавека, прозвішча якога пачынаецца з «Лікол…». Зараз я пытаю, ці не ведаеце вы чалавека, мянушка якога «Лікол», проста «Лікол»? Гэта самы небяспечны чалавек у гэтай бандзе, магчыма, нават натхніцель.
— Не! — раптам крыкнула яна, засунуўшы кончыкі пальцаў у рот. Вочы яе пашырыліся, застыглі ў тузе. — Не! Не!
— Хто ён такі? — змрочна спытаў Рыгор.
— Пашкадуйце, пашкадуйце мяне! Гэтага не можа быць… Ён такі добры, шчыры. Ён трымаў Свеціловіча і мяне на каленях. Тады наш дзіцячы язык не мог вымавіць яго імя, мы яго перакручвалі, і з гэтага нарадзілася мянушка, якой мы называлі яго толькі між сабою. Нямногія ведалі яе.
— Хто гэта? — няўмольна сказаў Рыгор, рухаючы каменнымі сківіцамі.
І тады яна заплакала. Плакала ўзахлёб, як дзіцёнак. І праз рыданні нарэшце вырвалася:
— Пан Лікол… пан Рыгор Дубатоўк.
Я быў уражаны ў самае сэрца. Я аслупянеў, я задыхаўся:
— Не можа быць! Што вы! Такі добры чалавек! І, галоўнае, якая яму карысць!
А памяць паслужліва падсунула словы аднаго з мярзотнікаў пад дрэвам: «Любіць старажытнае».
|< Пред. 210 211 212 213 214 След. >|