Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 214 из 253

Псарня патрабуе так многа…

Усё пачынала ставаць на сваё месца. Пякельны план Дубатоўка яснеў у маіх вачах.

— Па тэстаменту Рамана Яноўскага, — замармытаў ён, абіраючы дрыжачымі пальцамі нешта з візіткі, — устаўлена такая субстытуцыя. Спадчыну атрымліваюць дзеці Яноўскай… — І жаласна глянуў мне ў вочы. — Іх не будзе. Яна ж памрэ… Яна хутка памрэ… П-пасля іх — муж. А яна вар'ятка, хто з ёй ажэніцца?… Пасля, наступная прыступка, апошнія Яноўскія. А іх няма, няма пасля смерці Свеціловіча. А я сваяк Яноўскіх па пралцы, з жаночага, так бы мовіць, боку. Калі не будзе дзяцей і мужа — палац мой. — І ён заенчыў: — Але як я мог чакаць? Я ўвесь у вэксалях. Я такі няшчасны чалавек. І большасць папер скупіў пан Рыгор… І яшчэ тры тысячы даў. Зараз ён тут будзе гаспадаром.

— Паслухайце, — холадна кінуў я, — тут была, ёсць і будзе толькі адна гаспадыня, пані Надзея Яноўская.

— Я не спадзяваўся на спадчыну. Яноўская ўсё ж магла выйсці замуж… І я даў Дубатоўку даўгавое абавязацельства пад забеспячэнне палаца.

— Добра. Сорам з вамі нават не начаваў. Але няўжо вы не ведаеце, што гэта нядзейсны з фінансавага боку ўчынак? Што гэта крымінал?

— Не, не ведаю. Я быў рады.

— А вы ведаеце, што вы штурхнулі Дубатоўка на жахлівае злачынства, якому і наймення на чалавечай мове няма. Чым вінавата бедная дзяўчына, што вы пажадалі пазбавіць яе жыцця?

— Я падазраваў, што гэта злачынства, — разрумзаўся ён. — Але мая псарня…

— Гніда вы! Рук толькі пэцкаць не хочацца.

|< Пред. 212 213 214 215 216 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]