Страница:
215 из 253
Вамі будзе займацца губернскі суд. А пакуль што я сваёй уладай засаджу вас на тыдзень у сутарэнне гэтага дома, каб вы не маглі папярэдзіць іншых мярзотнікаў… Пакуль скончыцца гэтая справа.
— Гэта гвалт, — заскуголіў ён.
— Што вы ведаеце пра насільства? — кінуў я яму. — Што вы ведаеце, смоўж?
Праз паўгадзіны Рыгор заштурхнуў Гарабурду ў скляпенне без акон пад цэнтральнай часткай будынка. Жалезныя дзверы з грукатам зачыніліся.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Агеньчык свечкі маячыў недзе далёка за цёмнымі шыбамі. Калі я падымаў вочы, я бачыў поруч з ім адбітак свайго твару з рэзкімі ценямі ў вачаніцах.
Я разбіраў паперы Бермана. Мне здавалася ўсё ж, што я змагу адшукаць у іх нешта цікавае. Берман быў занадта складаны характар, каб жыць простай авечкай.
І вось я з ведама гаспадыні выцягнуў усе паперы з бюро на стол, пераклаў на яго ж кнігі, лісты, дакументы і сядзеў, чхаючы ад пылу, які густа ўкрываў гэтыя рэліквіі.
Цікавага было, аднак, мала. Трапіўся ліст ад маці Бермана, дзе яна прасіла аб дапамозе, і чарнавік ліста Бермана ёй, дзе ён пісаў, што на яго ўтрыманні знаходзіцца брат, што брат цяпер не перашкаджае маці жыць так, як яна хоча, а ў астатнім яны — квіты. Гэта было дзіўна: які брат, дзе ён зараз?
Пасля я адшукаў нешта накшталт дзённіка, дзе поруч з грашовымі выдаткамі і вельмі разумнымі заўвагамі па беларускай гісторыі я прачытаў і такія-сякія разважанні Бермана.
|< Пред. 213 214 215 216 217 След. >|