Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 217 из 253

Яна ўсё адно асуджана сляпым лёсам на знішчэнне. На ёй праклён спраўджваецца з'яўленнем дзікага палявання пад мурамі палаца. Яна больш трывалая, ніж я думаў, дагэтуль не звар'яцела. Кароль Стах слабы, і выправіць яго памылкі суджана мне. І, аднак, я раўную яе да ўсіх маладых людзей і асабліва да Беларэцкага. Учора страляў па ім і быў вымушаны на рэтыраду. Дрэнна страляю».

Наступны лісток:

«Магчыма, калі я выканаю ролю боскай сілы, вышэйшага наканавання (бывала ж такое са звычайнымі смертнымі), духі зла пакінуць гэтыя мясціны, і я стану гаспадаром. Пераконваў калісь Беларэцкага, што галоўная небяспека — паляванне. А якая небяспека ад зданяў? Іншая справа Малы Чалавек.

Золата, золата! Тысячы панегірыкаў трэба спяваць уладзе тваёй над душамі людзей. Ты ўсё: пялюшка дзіцяці, купленае табою цела дзяўчыны, сяброўства, любоў і ўлада, мозг найвялікшых геніяў, нават прыстойная яма ў зямлі. І да ўсяго гэтага я праб'юся».

Я скамячыў паперкі і да болю сціснуў пальцы:

— Брыдота!

І раптам сярод іншых паперак рука мая натрапіла на складзены ў чатыры столкі аркуш пергаменту. Я расклаў яго на каленях і толькі галавою хітануў: гэта быў план будынка ў Балотных Ялінах, план ХVІ стагоддзя. І на гэтым плане выразна было азначана, што слухавак у мурах палаца аж чатыры, і яны так схаваны ў плафоне, што адшукаць іх ніяк нельга.

|< Пред. 215 216 217 218 219 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]