Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 218 из 253

Між іншым, адна з іх вяла ад сутарэнняў пад палацам да пакоя ля бібліятэкі (напэўна, каб падслухоўваць размовы вязняў), а другая злучала бібліятэку, закінутыя пакоі для слуг на першым паверсе і… пакой, у якім жыла Яноўская. Дзве другія былі невядома дзе: выхады іхнія былі ў калідоры, дзе жылі я і Яноўская, але далейшы іх ход быў старанна зацёрты пальцамі.

Мярзотнік адшукаў план у архіве і схаваў яго.

І было яшчэ тое-сёе цікавае. У вонкавым муры палаца была пустэча, выразна быў адзначаны вузкі праход і тры нейкія клетушкі. А выхад з прахода быў намечаны якраз за павароткай калідора, дзе я калісьці аддзіраў дзверы ў сапраўды забітым пакоі.

Я лаяўся так, як ніколі ў жыцці. Шмат непрыемнасцей мінула б, калі б я абстукаў там сценкі, абшытыя панелямі. Але не позна было і зараз. Я схапіў свечку, глянуў на гадзіннік (палова на адзінаццатую ночы) і хутка пабег пераходамі да свайго калідора.

Стукаў я, напэўна, з палову гадзіны, пакуль не натрапіў на месца, якое адказала на стук гулкім водгукам, быццам я лупіў дно бочкі. Я шукаў на панелі месца, за якое можна ўзяцца і аддзерці яе ад астатніх, але дарэмна. Пасля пабачыў у адным месцы лёгкія драпіны, пакінутыя як быццам нажом. Таму я дастаў сцізорык і пачаў торкаць ім у ледзь прыкметныя шчыліны між гэтай часткай панелі і астатнімі. Даволі хутка мне ўдалося намацаць лязом нажа нешта, што паддавалася. Я націснуў мацней — нешта зарыпела, і пасля панель павольна пачала паварочвацца вакол свайго цэнтра, кажучы мне вузкую шчыліну.

|< Пред. 216 217 218 219 220 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]