Страница:
219 из 253
Я паглядзеў на адваротны бок панелі ў тыя месцы, куды торкаў лязом, — там была глухая дошка, знутры панель адчыніць на калідор было нельга. Я нават спусціўся быў уніз прыступак на пятнаццаць, але дзверы за спіною жаласна заспявалі, я пабег да іх і якраз своечасова паспеў прытрымаць іх нагою, каб яны не захлопнуліся. Не, аставацца ў нейкай пацуковай нары аднаму, з пагрозай прасядзець тут да другога прышэсця, ды яшчэ з абгаркам свечкі — гэта было глупствам.
Таму я пакінуў дзверы напаўзачыненымі, паклаўшы ля восі ўласную хустку, а сам сеў непадалёк на падлогу, паклаўшы на калені рэвальвер. Свечку давялося загасіць, бо святло яе магло спудзіць істоту, калі б яна задумала вылезці з патаемнага ходу. І, аднак, свечка за павароткай калідора, якая гарэла ўсю ноч, хоць цьмяна, але асвятляла калідор, ды і ў акно ліўся няпэўны шэры водбліск.
Не ведаю, колькі я так праседзеў, уткнуўшы падбароддзе ў калені. Было каля дванаццаці, калі раптам дрымота пачала падаць на мяне, навальвацца цяжарам, стуляць павекі. І я ўпарта дзюбаў носам, як ні намагаўся змагацца са сном: даліся мне ў знакі мінулыя бяссонныя ночы. У адзін з момантаў прытомнасць адмовіла мне, і я праваліўся кудысьці ў цёмную душную бездань.
Вы спрабавалі калі-небудзь спаць седзячы, прыціснуўшы спіну да мура або, лепей, да дрэва? Паспрабуйце. Вы пераканаецеся, што пачуццё падзення, якое вы часам адчуваеце, лежачы пад цёплай коўдрай, ёсць шостае пачуццё, што перайшло нам у спадчыну ад продка нашага, малпы, што яно было ёй неабходна, каб не ўпасці з дрэва.
|< Пред. 217 218 219 220 221 След. >|